ФЛАРЫСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў раслін. якая эвалюцыйна-гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі. Аб’екты ўліку — дзікарослыя расліны, што растуць у натуральных умовах. Уключае звесткі пра склад флоры, сістэматычны стан відаў, іх навук. назву, паказчыкі пашырэння, колькасць, тэндэнцыі змянення стану, гасп. выкарыстанне раслін. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты расл. свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў расл. свеце, арганізацыі ўзнаўлення рэдкіх і знікаючых відаў, эканам. ацэнкі расл. рэсурсаў, іх рацыянальнага выкарыстання і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)